Андрэй за ўсіх мудрэй |
|||
![]() Жыў адзін цікаўны хлопец Андрэй. Хацеў ён усё ведаць. Куды ні гляне, што ні ўбачыць,— аб усім у людзей распытваецца, да ўсяго дапытваецца. Плывуць у небе хмары... Адкуль яны ўзяліся? Куды плывуць? Шуміць за вёскаю рака... Куды бяжыць яе вада? Расце лес... Хто пасадзіў яго? Чаму птушкі з крыламі, усюды вольна лятаюць, а ў чалавека няма крылаў? Адказвалі яму людзі, адказвалі, нарэшце бачаць, што і самі не ведаюць, што адказваць. — Ты, Андрэй, хочаш быць за ўсіх мудрэй,— пачалі смяяцца з яго людзі.— Хіба ж можна ўсё ведаць? Ды не верыць Андрэй, што нельга ўсяго ведаць. — Пайду,— кажа,— да самога сонца: яно ўсюды свеціць, усё бачыць і ўсё ведае. Яно мне і раскажа, чаго я сам не ведаю. Пакінуў ён сваю хатку ды і пайшоў шукаць таго месца, куды сонца на начлег спускаецца. Ідзе ды ідзе, бачыць — сядзіць пры дарозе на камені чалавек ды пытаецца ва ўсіх: «Дакуль я тут сядзець буду?» Андрэй яму таксама нічога не мог адказаць. Пайшоў ён далей. Бачыць — чалавек падпірае плячыма плот. — Што гэта ты, дзядзька, робіш? — пытаецца Андрэй.— Навошта гэты стары плот падпіраеш? — Не ведаю... Можа, ты ведаеш? — Каб ведаў, дык не шукаў бы таго, хто ўсё ведае,— адказаў Андрэй і рушыў далей сваёю дарогаю. Прайшоў крыху, бачыць — чалавек смецце пераграбае. — Навошта ты, дзядзька, смецце пераграбаеш? — Не ведаю... — Ну і я не ведаю,— сказаў Андрэй і пайшоў далей сваёю дарогаю. ![]() Доўга ён ішоў ці нядоўга, прыйшоў у вялікі лес. Цэлы дзень блукаў па ім, нарэшце, пад вечар, выбраўся на палянку. I тут яму раптам аж вочы засляпіла: такі бляск з палянкі рэзнуў. Аджмурыў ён вочы, бачыць — недалёка сонцавы палацы як агонь гараць. Ледзьве ўвайшоў ён у палацы,— нічога ад бляску не відаць. Разгледзеўся сяк-так, бачыць — сядзіць у крэсле старэнькая сонцава маці. — Чаго ты, хлопча, прыйшоў сюды? — пытаецца яна. Пакланіўся ёй Андрэй і кажа: — Прыйшоў да сонца пра сёе-тое распытацца... — Пра што ж гэта сёе-тое? — Ды пра ўсё, чаго сам не ведаю. — А чаго ж ты сам не ведаеш? Пачаў ёй расказваць Андрэй, а старая слухала, слухала ды і пазяхаць стала. — Добра,— кажа яна,— пачакай крыху — хутка сын вернецца нанач. А я тым часам падрамлю: вельмі ж змарылася за доўгі дзень. ![]() Выйшаў Андрэй з палацаў, наклаў агню, пачаў смажыць сала на ражончыку: прагаладаўся ж за доўгую дарогу! Наеўся ён сала з хлебам. Захацелася піць. Пайшоў да рэчкі і нагнуўся да вады. Раптам бачыць — падымаецца з дна ракі дзяўчына, ды такая прыгожая, што і вачэй не адарваць. I дзяўчына на яго загледзелася. — Не пі вады з ракі,— кажа яна,— бо сонца цябе спаліць! — Але ж мне вельмі піць хочацца... — Ідзі за мною. Прывяла яго дзяўчына да старога дуба, а з-пад яго б'е крыніца чыстай сцюдзёнай вады. Нагнуўся Андрэй і напіўся ўволю крынічнай вады. Тым часам пачало апускацца з неба сонца ў свае палацы. Трэба да яго ісці, ды не можа ён з прыгожаю дзяўчынаю расстацца. — Ты ж глядзі, не кажы сонцу, што мяне тут бачыў,— сказала дзяўчына, узнялася ўгору і заблішчала адтуль яснаю зоркаю. ![]() Пайшоў Андрэй у палацы. А там сонца гэтак пячэ, што аж сцены палацаў трашчаць. Але Андрэю нішто — напіўся крынічнай вады, дык і не можа сонца яго даняць. Толькі шапку насунуў на лоб, каб вачэй не высмаліла. Расказаў ён сонцу, чаго прыйшоў. Сонца кажа: — Вучыць цябе мне няма часу. Але я зраблю так, што ты ўсё сам будзеш ведаць. Пры гэтых словах сабрала сонца ўсе свае праменні ў адзін пучок ды бліснула яму ў галаву. I адразу адчуў Андрэй, што галава яго стала яснай і светлай, толькі надта гарыць, а сэрца раптам халодным зрабілася, як лёд... Выйшаў ён з палацаў. Нядобра яму стала з халодным сэрцам. Успомніў ён пра дзяўчыну. I так захацелася ўбачыць яе яшчэ хоць раз, што аж млосць бярэ. Пачаў ён клікаць яе. Скацілася з неба ясная зорка і стала перад ім прыгожаю дзяўчынаю. Як глянуў на яе Андрэй, дык адразу і адчуў, што сэрца яго зноў стала такім, як было. Узяў ён дзяўчыну за руку і павёў у свой край. I такім ён шчаслівым цяпер ішоў, што і птушкам з крыламі не зайздросціў. Падышлі яны да таго чалавека, што смецце пераграбае. Паглядзеў на яго Андрэй, і ўсё яму ясна стала. — Ты,— кажа ён чалавеку,— шукаеш у смецці згубленыя капейкі і дарма толькі час траціш. Бярыся лепш за работу, дык хутчэй заробіш тыя капейкі, чым іх знойдзеш. Паслухаў яго чалавек, кінуў марную работу, пачаў працаваць і нажыў і гаспадарку, і грошы на патрэбу. ![]() Ідуць яны далей, убачылі чалавека, што плот плячыма падпірае. Паглядзеў на яго Андрэй і кажа: — Не падпірай ты, чалавеча, таго, што згніло, бо яно ўсё роўна ўпадзе. Зрабі лепш новы плот. Паслухаў яго чалавек і паставіў новы плот. Дайшлі яны да таго чалавека, што на камені сядзіць і не ведае, дакуль яму тут сядзець. Андрэй кажа яму: — Не будзь, чалавеча, такі скупы: дай пасядзець на гэтым камені і іншым падарожным людзям. Зняў Андрэй чалавека з каменя і сеў сам з дзяўчынаю. А чалавек вясёлы пабег дахаты. Адпачылі яны крыху ды рушылі далей, у той край, дзе жыў Андрэй. I цяпер не Андрэй у людзей пра ўсё распытваецца, а людзі ў яго. Так стаў Андрэй за ўсіх мудрэй. |
|||