Алёнка |
|||
![]() Жылi дзед і баба. I была ў іх дачка Алёнка. Ды ніхто з суседзяў не называў яе па імені, а ўсе звалі Крапіўніцай. — Вунь,— кажуць,— Крапіўніца сваю Сіўку павяла пасвіць. — Вунь Крапіўніца з Лысуном у грыбы пайшла. Толькі і чуе Алёнка: Крапіўніца ды Крапіўніца... Прыйшла яна аднойчы дадому з вуліцы і скардзіцца матцы: — Чаму гэта, мамка, ніхто мяне па імені не называе? Маці ўздыхнула і кажа: — Таму, дачушка, што ты ў нас адна: няма ў цябе ні братоў, ні сясцёр. Расцеш, як тая крапіва пры плоце. — А дзе ж мае браты і сёстры? — Сясцёр у цябе,— кажа маці,— няма, гэта праўда, а братоў было тры. — Дзе ж яны, мамка? — Хто іх ведае. Як я цябе яшчэ ў калысцы калыхала, паехалі яны ў свет з лютымі змеямі-цмокамі ваяваць, сабе і людзям шчасце здабываць. З таго часу і не вярнуліся... — Дык я пайду, мамка, шукаць іх — не хачу, каб мяне Крапіўніцай называлі! I як бацька і маці ні адгаворвалі яе — нічога зрабіць не маглі. Тады маці і кажа: — Адну цябе я не пушчу: малая ты яшчэ для такой дарогі. Запрагай Сіўку і едзь. Сіўка наша старая, разумная — яна завязе цябе да братоў. Ды глядзі, нікуды нанач не заязджай: едзь як дзень, так ноч, пакуль братоў не знойдзеш. Запрэгла Алёнка Сіўку, узяла хлеба на дарогу і паехала. Выехала за вёску, бачыць — бяжыць за возам стары іх сабака Лысун. Хацела Алёнка назад яго прагнаць, ды перадумала: няхай бяжыць — весялей будзе ў дарозе. Ехала яна, ехала — прыехала да скрыжавання дарог. Сіўка спынілася, назад паглядае. Алёнка пытаецца ў яе: — Заржы, заржы, кабыліца, Тут Сіўка галаву ўзняла, заржала, на левую дарогу паказала. Алёнка пусціла яе па левай дарозе. Едзе яна чыстымі палямі, едзе цёмнымі барамі. Прыехала на сутонні ў вялікую пушчу. Бачыць — стаіць у пушчы пры дарозе хатка. Толькі Алёнка даехала да хаткі, як выбегла адтуль нейкая гарбатая кабеціна з доўгім носам. Спыніла Алёнку і кажа ёй: — Куды ты, неразумная, едзеш супраць ночы? Цябе тут ваўкі з'ядуць! Заставайся ў мяне — пераначуеш, а заўтра повідну паедзеш. Пачуў гэта Лысун і зацяўкаў паціху: — Цяў, цяў! Не казала маці Не паслухала Алёнка Лысуна, засталася начаваць у хатцы. Распытала злая Барабаха ў Алёнкі, куды яна едзе. Алёнка ўсё расказала. Злая Барабаха ад радасці аж падскочыла: браты Алёнчыны, думае яна, напэўна, і ёсць тыя асілкі, якія ўсю яе радню са свету звялі. Цяпер яна з імі расправіцца... Назаўтра злая Барабаха ўстала, прыбралася, як на кірмаш, а ўсё Алёнчына адзенне схавала і будзіць яе: — Уставай, паедзем братоў шукаць! Устала Алёнка, глядзіць — няма адзення... — Як жа я паеду? — бядуе Алёнка. Прынесла ёй злая Барабаха старыя жабрацкія рызманы. — На,— кажа,— добра табе будзе і такое адзенне. Адзелася Алёнка, пайшла Сіўку запрагаць. Узяла злая Барабаха нож і таўкач, села ў павозку, як пані, а Алёнку за фурмана пасадзіла. Едуць яны, а Лысун бяжыць збоку ды цяўкае: — Цяў, цяў! Не казала маці Пачула гэта злая Барабаха, схапіла таўкач і шпурнула ў Лысуна. Лысун заенчыў — перабіла яму злая нагу. Алёнка заплакала: — Бедны, бедны Лысун, як жа ты цяпер будзеш бегчы! — Сціхні,— пагразіла ёй злая Барабаха,— а то і табе так будзе! Едуць яны далей, а Лысун не адстае: на трох нагах скача. Даехалі да новага скрыжавання. Сіўка спынілася. Алёнка пытаецца ў яе: — Заржы, заржы, кабыліца, Скажы, скажы мне, Сівіца: На якую дарогу цябе кіраваць, Дзе мне родных брацейкаў шукаць? Сіўка заржала, на правую дарогу паказала. Цэлую ноч ехалі яны цёмнаю пушчай па правай дарозе. Раніцай выехалі на луг, бачаць — перад імі шаўковы шацёр стаіць, а каля яго трое жарабкоў пасецца. Сіўка весела заржала і павезла Алёнку з злою Барабахай проста да шатра. Алёнка зарадавалася: — Гэта тут, напэўна, мае браты жывуць! Злая Барабаха злосна цыкнула: — Маўчы лепш. Тут жывуць не твае браты, а мае! Пад'ехалі да шатра. Выходзяць адтуль тры статныя хлапцы-малайцы — твар у твар, волас у волас. Злая барабаха саскочыла з воза і да іх: — Як маецеся, браткі? Я ўвесь свет звандравала, сваю галоўку стурбавала, усё вас шукала... — Дык гэта ты наша малодшая сястра? — пытаюцца браты-асілкі. — Але,— кажа злая Барабаха,— ваша родная сястра... Кінуліся браты да яе, давай цалаваць, на руках падкідаць. Так рады, што і выказаць нельга. — Бач,— дзівяцца яны,— як доўга мы ваявалі: сястра за гэты час не толькі вырасла, а і пастарэла... Ну, ды нічога: усіх ворагаў мы пазнішчалі, засталася толькі адна злая Барабаха. Як знойдзем яе — спалім і тады дахаты паедзем. Пачула гэта злая Барабаха і толькі ўхмыльнулася: цяпер паглядзім, хто каго спаліць!.. — А якая гэта, сястрыца, дзяўчынка з табою прыехала? — пытаецца старэйшы брат. — Гэта мая наймічка,— адказвае злая Барабаха.— Яна ў мяне за фурмана ездзіць і маю кабылку пасе. — Добра,— кажуць браты,— яна і нашых коней пасвіць будзе. Павярнулася злая Барабаха, гукнула строгім голасам да Алёнкі: — Чаго сядзіш? Выпрагай Сіўку ды вядзі пасвіць! Заплакала Алёнка, пачала Сіўку выпрагаць. А браты падхапілі злую Барабаху на рукі, панеслі ў шацёр, пачалі частаваць-трактаваць. Есць злая Барабаха, п'е, а сама сабе думае: «Як палягуць спаць, дык я іх усіх і парэжу...» Тым часам Алёнка сядзіць на лузе каля коней і спявае, плачучы: — Сонейка, сонейка, Зямля і сонца адказваюць: — Кросны тчэ, Выйшаў меншы брат з шатра, заслухаўся. Вярнуўся назад і кажа: — Ведаеш, сястрыца, ведаеце, браткі, ці то птушка на лузе шчабеча, ці то дзяўчына спявае. Але так жаласна, што аж за сэрца хапае. — Гэта мая наймічка,— кажа злая Барабаха.— Яна на ўсе штукі здатная, толькі да работы лянівая. Выйшаў тады сярэдні брат паслухаць, хоць злая Барабаха і не пускала яго. Паслухаў ён жаласную песню Алёнкі, а потым чуе, як сабака Лысун зацяўкаў: — Цяў, цяў! Злая Барабаха Вярнуўся сярэдні брат і кажа да старэйшага: — Пайдзі ты паслухай. Пайшоў старэйшы брат паслухаць песню Алёнкi, а сярэдні вока з злой Барабахі не спускае... Паслухаў старэйшы брат Алёнчыну песню, паслухаў, што сабака Лысун казаў пра злую Барабаху, і аб усім здагадаўся. Падбег ён тады да Алёнкі, схапіў яе на рукі і прынёс у шацёр. — Вось хто,— кажа да братоў,— наша сапраўдная сястра! А гэта падманшчыца — злая Барабаха! Расклалі браты вялікае вогнішча. Спалохалася тады злая Барабаха ды рассыпалася ў попел, браты той попел па чыстым полі развеялі, каб і духу яе не было. А потым згарнулі шаўковы шацёр ды шчаслівыя паехалі з Алёнкай да старых бацькоў. |
|||